ПОПУЛЯРНЫЕ НОВОСТИ




«Беларусь 3» запрашае ў «Дом, дзе жыве мастацтва»

Пресс-релизы партнеров  •  22-01-2019, 21:28
Соколов Станислав
журналист Pogovorim.by

22 студзеня ў эфіры “Беларусь 3” – прэм’ера васьмісерыйнага дакументальнага фільма “Дом, дзе жыве мастацтва” да 80-годдзя Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Сацыякультурны канал пакажа гісторыю самага вялікага музея краіны – ад заснавальніка Мікалая Міхалапа да цяперашняга кіраўніка Уладзіміра Пракапцова, ад разбурэння скульптур і рабавання фондаў фашысцкімі захопнікамі да аншлагаў падчас сучаснай міжнароднай ночы музеяў і выстаў у Кітаі, Ватыкане, Іспаніі і іншых краінах. Дарэчы, прэзентацыя праекта “Дом, дзе жыве мастацтва” адбудзецца 24 студзеня і ў самім музеі падчас урачыстых мерапрыемстваў, што будзе ладзіць Нацыянальны мастацкі з нагоды юбілею.

 

Дом, дзе жыве мастацтва


24 снежня 1939 года Саветам Народных Камісараў была падпісана пастанова аб адкрыцці Дзяржаўнай карціннай галерэі ў Мінску. І пачалася крапатлівая падрыхтоўка, каб урачыста адчыніць дзверы музея, а разам з тым і распачаць доўгую гісторыю, напоўненую цікавымі падзеямі і неверагоднымі, амаль дэтэктыўнымі, сюжэтамі.

Тэлеканал “Беларусь 3” падрыхтаваў 8 серый дакументальнага фільма “Дом, дзе жыве мастацтва”, які ахопіць усе этапы станаўлення Нацыянальнага музея. На самой справе, гэта не адзін дом на вуліцы Леніна, і здымачная група Белтэлерадыёкампаніі пабывала ва ўсіх установах, якія былі філіяламі музея, з’яўляюцца імі зараз ці хутка стануць новым музейным кварталам. Мірскі замак, Музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве, Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах, Дом Ваньковічаў у Мінску – гісторыя Нацыянальнага мастацкага неад’емна пераплялася з усімі ўстановамі.

У гэтых дамах, дзе жыве мастацтва, аўтары праекта пачулі гісторыі і ўспаміны былых і цяперашніх супрацоўнікаў музея, мастакоў, гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, нашчадкаў былых кіраўнікоў музея. У фільме здымаліся праўнучка Мікалая Мiхалапа – кандыдат гiстарычных навук Анастасiя Скеп’ян, сын Алены Аладавай – заслужаны архiтэктар Беларусі Вальмен Аладаў, сын Юрыя Карачуна – кандыдат філасофскіх навук Аляксандр Карачун.

 

Дом, дзе жыве мастацтва


У першай серыі дакументальнай стужкі гледачы “Беларусь 3” даведаюцца, як атрымалася, што беспартыйнага Мікалая Міхалапа прызначылі дырэктарам Дзяржаўнай карціннай галерэі, хто мусіў адправіць пагоню за Аленай Аладавай, калі яна везла ў Мінск партрэт імператрыцы Кацярыны ІІ, і чаму фашыстамі быў знявечаны “Мяркурый з жалейкай” дацкага скульптара Бертэля Торвальдсана, прывезены з Гомельскага палаца Паскевічаў.

 

Дом, дзе жыве мастацтва


Падзеі былых часоў быццам ажывуць перад вачыма, дзякуючы малюнкам, што адмыслова былі зроблены для праекта. 

З 22 студзеня з аўторка па пятніцу ў 19.05 на тэлеканале “Беларусь 3” можна будзе ўбачыць новыя серыі дакументальнага фільма “Дом, дзе жыве мастацтва”. А 24 студзеня ў 17.00 у Нацыянальным мастацкім музеі падчас святочных урачыстасцяў да 80-годдзя з дня яго ўтварэння адбудзецца прэзентацыя тэлевізійнага праекта і прэс-паказ стужкі для журналістаў.

Читайте нас в